История, традиции, достижения учреждения образования

Гісторыя існавання і развіцця Маладзечанскай СШ №1 налічвае больш за 100 гадоў. Амаль немагчыма зараз з упэўненасцю сказаць, калі ў Маладзечне адкрылася самая першая школа. На падставе звестак, вядомых на сённяшні дзень, мы можам больш-менш дакладна  прасачыць гісторыю школы з 19 стагоддзя. Маладзечна той пары ўяўляла сабой невялікае мястэчка з чатырох вуліц, якія крыжападобна разыходзіліся на Мінск, Вілейку, Вільню, Гарадок. Мястэчка належала  Вілейскаму павету Мінскай губерні. Сёння вядома, што менавіта на вуліцы Гарадоцкай пасля адмены прыгоннага права была створана царкоўна-прыходская школа, і бедны люд горада і навакольных вёсак атрымаў магчымасць авалодаць першапачатковымі ведамі. 

Да пачатку 1900 года была пабудавана новая драўляная школа з чатырох класных пакояў. Цяпер гэта пабудова ператворана ў  пяцікватэрны дом, які знаходзіцца побач з магазінам па вуліцы Велікасельскай.

Пры панскай Польшчы ў гэтай школе займаліся вучні пачатковых класаў, а старэйшыя - у будынку, дзе пасля быў тубдыспансер, а потым жылі рабочыя мэблевай фабрыкі.

У 1936 - 1937 гадах было пабудавана памяшканне сямігодкі, падмурак якога захаваўся да нашых дзён.

Пасля аб'яднання Заходняй Беларусі з БССР школа атрымала статус сярэдняй. Першыя 3-4 тыдні пасля 17 верасня навучанне вялося на польскай мове, а выкладалі настаўнікі польскай школы. Затым прыехалі настаўнікі з Усходняй Беларусі і пачалося выкладанне на рускай мове. Школа была названа рускай школай №1 г. Маладзечна.

У час акупацыі адзін з будынкаў школы быў ператвораны фашыстамі ў канюшню. Аднак навучанне працягвалася. У гэты час яно было пераведзена на беларускую мову.

Першая пасляваенная сесія гарадскога Савета 14 лістапада 1944 года адзначыла, што горад знішчаны як ніколі і трэба найхутчэй аднавіць яго. Адбудоўвалі Маладзечна ўсе яго жыхары. Быў адрамантаваны і будынак СШ №1.

У 1945/1946 навучальным годзе ў школе вучылася 170 вучняў і працавала 18 настаўнікаў.  Школа атрымала назву беларускай сярэдняй школы №1 г. Маладзечна. Аднак выкладанне вялося на рускай мове, а беларуская выкладалася два разы ў тыдзень, так, як і нямецкая. 

50-60-я гады ХХ стагоддзя сталі гадамі станаўлення школы як актыўнай адзінкі грамадскага жыцця горада. Тут склаўся малады і энергічны педагагічны калектыў, які прыкладаў вялікія намаганні да таго, каб школа заваявала выдатную рэпутацыю сярод маладзечанцаў.

У школе была добра пастаўлена піянерская работа. Дружына школы па выніках работы за год неаднаразова станавілася лепшай.

Усе класы штогод хадзілі ў турыстычныя паходы з мэтай вывучэння роднага краю. Улюбёнымі маршрутамі былі радзіма Янкі Купалы, Ф.Багушэвіча, маршруты па партызансіх сцежках, Нарачанскія і Браслаўскія азёры, Налібоцкая пушча. Наведвалі перадавыя калгасы, саўгасы і прадпрыемствы Маладзечаншчыны.

У гэтай працы быў задзейнічаны ўвесь педагагічны калектыў.

Вучні школы рэгулярна прымалі ўдзел і ў спартакіядных спаборніцтвах, дзе паказвалі высокія вынікі, асабліва па веласпорце, стральбе, бегу. У спартакіядах горада двойчы займалі першае месца. Прымалі ўдзел у спаборніцтвах на прыз газеты "Маладзечанская праўда".

У школе праводзіліся вечары адпачынку, працавалі прадметныя гурткі і спартыўныя секцыі. Асабліва плённа працаваў калектыў мастацкай самадзейнасці і драматычны гурток, якім з 1952 по 1960 гг кіраваў настаўнік рускай мовы і літаратуры Александровіч Мікалай Фёдаравіч, аўтар кніг - метадычных дапаможнікаў для настаўніка: "Займальная граматыка", "Пазакласная работа па рускай мове ў васьмігадовай школе", "Дыдактычны матэрыял па рускай мове для 5-8 класаў".

На штогадовых аглядах мастацкай самадзейнасці калектыў вучняў пад кіраўніцтвам Александровіча М.Ф. неаднаразова займаў першыя месцы як па асобных відах мастацкай самадзейнасці, так і сярод калектываў горада.

Александовіч М.Ф. аддаў СШ №1 30 год плённай працы. Са студзеня 1955 па верасень 1960 года выконваў абавязкі намесніка дырэктара школы. За добрасумленную працу ў 1960 годзе быў узнагароджаны значком "Выдатнік народнай асветы".

У 1960 годзе ў школе быў адкрыты пакой імя Янкі Купалы, дзе размясціліся матэрыялы аб жыцці і творчасці песняра. Пакой узначаліла Уласава Зінаіда Паўлаўна. Вучні двойчы сустракаліся з жонкай паэта У.Ф. Луцэвіч. 


Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 
аб прысваенні імя народнага паэта Беларускай ССР Янкі Купалы 
сярэдняй школе №1 горада Маладзечна

Прысвоіць імя народнага паэта Беларускай ССР Янкі Купалы сярэдняй школе №1 горада Маладзечна

Старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 
В. Казлоў

Сакратар прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 
Д.Лукашэвіч

14 жніўня 1957 года 
горад Мінск


Праца пакоя Янкі Купалы ніколі не прыпынялася. 

У 1968 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё новай трохпавярховай цаглянай школы на 650 месц. 16 утульных пакояў, бібліятэка, спартыўная зала, актавая зала і сталовая гасцінна расчынілі свае дзверы навучэнцам. У школе займаліся 910 вучняў і працавалі 45 настаўнікаў.

Прайшло менш дзесяці год, і першая школа зноў адзначала наваселле. У 1985 годзе да трохпавярховага будынка была зроблена прыгожая прыбудова на 780 месц, у якой размясціліся 25 кабінетаў, бібліятэка, кнігасховішча, сталовая, актавая і спартыўная залы, пакоі лагапеда і ўрача.

У будаўніцтве школы прымалі ўдзел і настаўнікі, і вучні. На ўроках працы, на суботніках вучні працавалі на будоўлі: прыбіралі смецце, насілі цэглу. Таму адкрыццё новага будынка 1 верасня 1985 года стала ўсеагульным святам. Ад імя настаўнікаў і вучняў дырэктар школы Мароз А.І. шчыра падзякаваў будаўнікам за каштоўны падарунак.

Сапраўдным цэнтрам патрыятычнага выхавання ў школе быў і застаецца музей баявой славы "Подзвіг", які працуе з 1969 года. але афіцыйна ён быў адкрыты ў 1974 годзе да 30-годдзя вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Арганізатарам і натхняльнікам  справы стварэння музея стала Кажарава Маргарыта Барысаўна - настаўніца геаграфіі. Разам са сваімі вучнямі яна пачала збор матэрыялаў па наступных накірунках: пра абаронцаў і вызваліцеляў горада Маладзечна; пра вязняў лагера ваеннапалонных "Шталаг-342"; пра партызанскі рух на Маладзечаншчыне.

Чырвоныя следапыты часта сустракаліся з удзельнікамі вызвалення горада ў сваёй школе і розных гарадах Савецкага Саюза. У 1977 годзе адбылася сустрэча з ветэранамі 3-га Гвардзейскага Сталінградскага Механізаванага корпуса ў Валгаградзе. У студзені 1979 года адбылася паездка ў Маскву, дзе вучні сустрэліся з ветэранамі 31-й Гвардзейскай Стралковай дывізіі, з Раждзественскай В.П., маці паэта Роберта Раждзественскага, з членамі Савета ветэранаў корпуса - карэспандэнтам АН СССР, ветэранам Маладзечанскага палка Самсонавым А.М., аўтарам кнігі "Ад Волгі да Балтыкі", адказным сакратаром Савета ветэранаў Чалнаковым А.Р. і іншымі ветэранамі.

1 верасня 1979 года ветэраны 311 штурмавой Маладзечанскай Чырвонасцяжнай авіяцыйнай дывізіі правялі ў кінатэатры "Спадарожнік" урок мужнасці для вучняў нашай школы.

У 1980 годзе следапыты 10-х класаў наведалі горад Ленінград, дзе сустрэліся з ветэранамі 5-й Гвардзейскай Чырвонасцяжнай танкавай арміі, з прадстаўнікамі 21-й жалезнай Самара-Ульянаўскай дывізіі, якая першая выступіла ў абарону горада Маладзечна. У гэтым жа годзе чырвоныя следапыты ўрачыста прынялі дэлегацыю СШ№16 г. Валгаграда (пост №1)

У фондах музея захоўваюцца запісы ўспамінаў 204 ветэранаў, некалькі тысяч лістоў і віншаванняў, 651 фотаздымак, 75 лістовак і газет, артыкулы, падораныя кнігі, альбомы, асабістыя рэчы ваенных часоў, падараныя ветэранамі музею, ваенныя карты, рэшткі зброі знойдзеныя ў Маладзечанскай зямлі.

Працы чырвоных следапытаў прысвечана вялікая колькасць артыкулаў у мясцовай і рэспубліканскай прэсе, а сам музей і яго кіраўнік Кажарава М.Б. атрымаў вялікую колькасць узнагарод - ганаровых грамат і дыпломаў. У 1975 годзе за актыўны ўдзел ва ўсесаюзным аглядзе ваенна-патрыятычнай работы, прысвечаным 30-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і дасягнутыя поспехі школа была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені ЦК ВЛКСМ, ЦК ДАСААФ, Міністэрства асветы СССР і рэдакцыі газеты "Известия".

Пераемнікамі Маргарыты Барысаўны ў яе справе сталі настаўніца гісторыі Попчанка Святлана Іванаўна, а з 2004 года - выпускніца СШ №1 - Буневіч (Рымовіч) Марыя Раманаўна.

У гэтым жа 1989 годзе для вучняў старэйшых класаў уведзена профільнае навучанне, а малодшыя школьнікі атрымалі магчымасць займацца харэаграфіяй. У 1994 годзе пачаў працаваць сацыяльна-псіхалагічны цэнтр. Вучні школы атрымалі магчымасць вучыцца ў класах з харэаграфічным (з 1990 года) і мастацкім (з 1994 года) ухіламі.У 1989 годзе СШ №1 імя Янкі Купалы адзначала свой 50-гадовы юбілей. У той час у школе вучылася больш за 1600 вучняў, а працавала каля сотні педагогаў.

З 2003 года ў школе дзейнічае сучасны інармацыйна-метадычны цэнтр, які ўключае камп'ютарны клас і метадычны кабінет, абсталяваныя на высокім тэхнічным і эстэтычным узроўнях.

Школа мае свой герб, аўтарам якога з'яўляецца настаўніца выяўленчага мастацтва Казунка Вольга Міхайлаўна і гімн (аўтары тэксту - настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Грынкевіч Мая Анатольеўна і Радына Святлана Аляксандраўна, музыка - А. Чыркуна). 

Вялікая заслуга ў стварэнні і развіцці школы яе дырэктараў:

Краснапёркін П.Г. (да 1947)

Максіменка А.Х. (1947 - 1950 гг.)

Івашкевіч Е.І. (1950 - 1951 гг.)

Мельнікаў С.К. (1951 - 1955 гг.)

Чэчко С.П. (1955 - 1964 гг.) 

Філіпаў М.А. (1964 - 1966 гг.)             

Мароз А.І. (1966 - 1987 гг.) 

Хроль П.У. (1987 - 2019)

Маліноўскі В.У. (з 2019 года)

11 настаўнікаў нашай школы з'яўляюцца выдатнікамі асветы: 

1. Бутар Лідзія Пятроўна - настаўніца пачатковых класаў

2. Уласава Зінаіда Паўлаўна - намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца беларускай мовы і літаратуры

3. Кажарава Маргарыта Барысаўна - настаўніца геаграфіі

4. Малькевіч Леаніла Паўлаўна - настаўніца матэматыкі

5. Кісель Дзіна Цярэнцьеўна - настаўніца матэматыкі

6. Леановіч Алена Канстанцінаўна - настаўніца нямецкай мовы

7. Кокаш Любоў Варламаўна - настаўніца матэматыкі

8. Волкава Галіна Васільеўна - настаўніца пачатковых класаў, заслужаны настаўнік БССР

9. Раманоўская Раіса Міхайлаўна - настаўніца беларускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара па ВР

10. Філіпава Галіна Міхайлаўна - настаўніца гісторыі, заслужаны настаўнік БССР

11. Маліноўскі Васіль Уладзіміравіч - дырэктар школы, настаўнік рускай мовы і літаратуры

Званнем Старэйшы настаўнік у 1992 годзе адзначаны заслугі педагогаў: Рачок Юзэфы Антонаўны, Бунто Лідзіі Васільеўны, Гаўрыленкі Раісы Дзмітрыеўны.

Маладзечанская СШ №1 імя Янкі Купалы за гады свайго існавання дала адукацыю вялікай колькасці вучняў. Нямала маладзечанцаў выйшла са сцен школы ў вялікі свет; многія з вучняў сталі актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця краіны: Капуцкі Фёдар - рэктар БДУ; Войніч Мікалай - інжынер, адзін з будаўнікоў новага корпуса школы; Зеновіч Галіна - навуковы супрацоўнік НДІ, працавала ў рэдакцыі "Народнай асветы"; Цар Наталля - кандыдат медыцынскіх навук; Капуцкая Марыя - выкладчыца БДУ; Капцюг Міхаіл - заслужаны ўрач Беларусі; Квяткевіч Марына - кандыдат філалагічных навук; Капуцкая Ганна - выкладчыца БДПУ імя М, Танка; Пашук Аляксандр - капітан дальняга плавання; Горбач Грацыя - выкладчыца БДЭУ; Сарока Рыгор - дырэктар музычнага вучылішча, заслужаны дзеяч мастацтваў; Казакевіч (Малярэвіч) Вольга - дырэктар ліцэя №7, Уладзімір Александровіч - оперны спявак, Дзмітрый Лукша - тэлевядучы тэлеканала "Беларусь-1" і многія іншыя.

Пасля заканчэння школы сюды вярнуліся працаваць настаўнікамі: Чаркас Людміла, Кароль Ала, Бойка Леанід, Кісляк Людміла, Язінская Аксана, Гараніна Ірына, Мамай Ірына, Путырская Антаніна, Войніч Валянціна, Сушко Марыя, Зеновіч Галіна, Рымовіч Марыя, Лопух Таццяна, Іванчык Наталля, Ляговіч Жанна.

5 кастрычніка 2007 года ўрачыста адкрыты яшчэ адзін пакой музея - экспазіцыя, прысвечаная гісторыі школы.

В каждой большой и дружной семье есть свои традиции, которые являются отражением преемственности многих поколений. Так и в нашей школе есть свои традиции.

ДОСТИЖЕНИЯ УЧАЩИХСЯ

Untitled.FR12Untitled.FR12 - 0001Untitled.FR12 - 0002Untitled.FR12 - 0003Untitled.FR12 - 0004Untitled.FR12 - 0006Untitled.FR12 - 0005Untitled.FR12 - 0007Untitled.FR12 - 0008Untitled.FR12 - 0009Untitled.FR12 - 0010Untitled.FR12 - 0011Untitled.FR12 - 0012Untitled.FR12 - 0013

 

 

 

ДОСТИЖЕНИЯ ПЕДАГОГОВ

поделиться в: